Аглядаючы сваё жыццё і творчасць, як і творчасць многіх іншых сваіх сучаснікаў я ўсё больш і больш пераконваюся, што паэт ня мусіць пісаць ад сайго розуму (хаця розум яму безумоўна патрэбны)
Кожны з нас, паэтаў, павінен памятаць, што ён дэміург -- пераймальнік узораў -- і калі нават і бог, то бог паводле ласкі, а не паводле генезісу.
Таму мы павінны ўважліва ўзірацца на ўзоры Ўсявышняга Творцы, бо нам дадзена бачыць сувязі, якіх нельга пабачыць ніякімі вачыма інакш як вачыма паэзіі.
Аднак парадокс заключаны ў тым, што менавіта хрысціянскія паэты, якім першым належыла б разумець тое, што я зараз сказаў, часта ўшчэнт гэтага не разумеюць і таму пішуць вершы не ад сэрца, не ад Духа і не ад візіі, а выключна ад свайго розуму.
З гэтай прычыны яны часцей чым хто становяцца банальнымі і пасярэднымі вершапісцамі, а зусім не паэтамі -- мужамі паклікання.
Friday, August 7th, 2009
Госпадзе, памілуй! Якім цяжкім хвастом за намі часта цягнуцца наступствы жыццёвых абставінаў. Нават за самымі лепшымі з нас. Яны ўплываюць на нашую штодзённасць, на нашае стаўленне да рэчаў, нават на сама святое -- адносіны з Богам і людзьмі, на свет нашых ідэй і ідэалаў. Недасягнуты эзопаў вінаград прымушае нас называць яго кіслым. Чым далей тым болей. Неўзятыя вяршыні прымушаюць казаць аб тым, што мы і не збіраліся іх браць. Іначай вельмі балюча асэнсоўваць сябе ў пропасці -- такой блізкай да вяршыні па гарызанталі і такой далёкай па вертыкалі. Як часта ў нашай ацэнцы рэчаў ды ідэй гаворыць нашае расчараванне. І гэта чуваць. Чуваць як боль і роспач, хоць часта мы прамаўляем гэта спакойным тонам. Як часта мы мірымся за злом, лічачы яго непазбежным. Як часта пагаджаемся на несумленнасць, не знаходзячы шляху яе пазбегнуць. Як часта мы адмаўляем у святасці гераізму і змаганню, пабачыўшы іх адваротны бок. Як часта мы адмаўляем у святасці каханню і шлюбу, не асягнуўшы іх ці не знайшоўшы ў іх чаканага шчасця. Як часта мы судзім юнацтва з пазіцый капрамісу спеласці і як часта пачынаем лічыць дастатковым тое, што раней не лічылі нават пачаткам. Як часта выбіраем зразумелае, толькі па прычыне яго зразумеласці. Божа, вызваль нас ад гэтага! Зрабі нашае вока чыстым, а розум цвярозым! І няха натхненне юнацтва не адыходзіць ад нас і полым першага кахання гарыць вечна! Няхай скончыцца гэты свет, няхай надыдзе Валадарства Божае!
Амінь.
Сур'ёзнай праблемай у ацэнцы якасці "класічнай" адукацыі з'яўляецца адсутнасць магчымасці наўпрост ацаніць яе эфектыўнасць па ўзроўні паспяховасці выпускнікоў. Прагматычная парадыгма адукацыі тут выйграе. Асабліва гэта датычыць грамадскіх гурткоў. Любы гурток, любыя курсы прагматычнай накіраванасці могуць засведчыць пра сваю эфектыўнасць колькасцю выпускнікоў, якія занялі гэткія і гэткія пасады, дасягнулі гэткіх і гэткіх поспехаў у гешэфце, гэтак і гэтак павысілі свой заробак. Што датычыць гурткоў "класічнай" ці правільней сказаць "класістычнай" накіраванасці, гурткоў пашырэння абсягу, то вынікі іх дзейнасці ацаніць складаней. Сапраўды. Якіх поспехаў варта чакаць ад чалавека, які праслухаў курсы па гісторыі Беларусі, ці гісторыі хрысціянства? Уплыў такіх ведаў нават на чыста маральны ўзровень чалавека досыць спрэчны. Між тым, відавочна, што ў нашым грамадстве яўная нястача разумення свайго гістарычнага мінулага. Такім чынам у карыснасці стварэння такіх класістычных грамадскіх гурткоў сумніваў не ўзнікае. Але як ацэньваць іх эфектыўнасць. Што мусіць быць крытэрам эфектыўнасці ў дадзеным выпадку? Тое, што выпускнікі скажуць, што ім было цікава... Такое сведчанне важнае і пажаданае для кожнага выкладчыка. Але гэта нічога не кажа пра змест курса, а толькі пра якасць падачы. А перад любым супрацоўнікам адукацыі стаіць пытанне як зрабіць адукацыйны працэс эфектыўным і як ацаніць гэтую эфектыўнасць. Якія веды у такім разе трэба лічыць карыснымі, якія дастаковымі, а якія залішнімі і таму ў лепшым выпадку дадатковымі? Які выгляд павінен мец курс гісторыі ці культуралогіі для аматараў, каб сапраўды палепшыць стан чалавека і грамадства, а не проста забраць час і разумовыя рэсурсы (апошняй справай добра займаецца тэлебачанне і свточныя "канцэрты")?
Вось, напісаў шмат літар, але спадзяюся, што маё пытанне зразумелае і ў сяброў будзе мажлівасць выказаць у каментарах сваю думку. Загадзя ўдзячны ўсім, хто пагодзіцца паразважаць разам са мной на гэты конт...